Double room Triple room Hosts speak English Phone Shower Toilet in the house TV Parking Kitchen Washing machine Kids Club Vegetables and fruits from garden 	You can bring pets
Bus or railway station Medical treatment Museums and historical monuments Store, the market Fishing The river, lake Bike
Home Articles История Беларускаму Фаўсту 305 гадоў…
Беларускаму Фаўсту 305 гадоў…
Wednesday, 16 March 2011 12:07

 

Старадаўняе паданне пра чалавека, які прадаў душу д’яблу, нарадзілася яшчэ ў раннехрысціянскія часы ў «навагрэчаскай» літаратуры ў выглядзе «Аповесці пра Еладзія». Але ў еўрапейскай традыцыі ўчалавечылася праз вобраз вандроўнага нямецкага алхіміка Іагана Фаўста, ураджэнца Кнітлінгена, які жыў прыкладна ў 1480–1540 гадах. А ці ёсць водгукі фаўстаўскай гісторыі ў беларускай мінуўшчыне? Можа, невыпадкова Гётэ цаніў менавіта першую, беларускую оперную пастаноўку свайго неўміручага твора? 

(На выяве: Марцін Мікалай Радзівіл (1705–1782) на гравюры Марціна Францішка Вобе,  перад 1758 г.)

Пралог

Марцін Мікалай Радзівіл нарадзіўся 11 лістапада 1705 года ў Цімкавічах, у сям’і наваградскага ваяводы Яна Мікалая і Дароты Генрыкі з Пшэбендоўскіх.

Цяжка сказаць, калі Марцін Мікалай даведаўся пра чарнакніжніка Фаўста. Магчыма, калі выправіўся ў Еўропу па навуку пасля вучобы ў Нясвіжы і Вільні каля 1720 года. Азнаёміўся з фізікай, хіміяй, прыродазнаўчымі дысцыплінамі, зацікавіўся алхіміяй. Навучыўся граць на шэрагу музычных інструментаў. А можа, ён убачыў захаваны і да сёння жывапісны партрэт Іагана Фаўста ў Дрэздэне, куды выбраўся разам з Тэадорам Любамірскім у 1743 годзе да саксонскага двара ў справе падрыхтоўкі чарговага сойму Рэчы Паспалітай.

Прыватнае жыццё

Паміж гэтымі падзеямі здарылася яшчэ шмат чаго. Цёплы прыём на каралеўскім двары Аўгуста ІІ у Варшаве і наданне каралём юнаку тытула літоўскага крайчага. Пазней — даўжэйшы побыт пры двары і шлюб у 1728 годзе з Антанінай Белхацкай, унучкай Вацлава Патоцкага гербу «Шранява», аўтара вядомага твору «Хоцімская вайна».

Кар’ера Радзівіла далей мела больш прыватны характар: нарадзіліся дачка і сын. Па смерці бацькі наш герой пераважна жыў у ВКЛ, заняўшы клецкую ардынацыю Радзівілаў. Класічны палац у Радзівілімонтах, зусім нядаўна знішчаны праз нацыянальную беларускую нядбайнасць, зрабіўся хатнім гняздом для сына Марціна, Юзафа Мікалая (1736–1813), у той час як бацька асеў у старасвецкім Чарнаўчыцкім палацы.

Адзіным яскравым эпізодам грамадска-палітычнай актыўнасці князя было яго абранне ў Трыбунал ад слуцкага павета ў 1737 годзе, дзе Марціну Мікалаю давялося маршалкаваць. У тым самым годзе ён ажаніўся ў другі раз, паколькі годам раней у Кракаве, праз тыдзень па нараджэнні хлопца, яго першая жонка памерла. Другой абранніцай, што народзіць яму чатырох сыноў і пражыве з ім доўгае жыццё аж да 1812 года, стала дачка бельскага падчашага Яна Трэмбіцкага Марта.

Дарэчы, сям’я ўспрыняла гэты шлюб як мезальянс, але ўздыхнула з палёгкай. У князя перад тым надарыўся раман з дваровай дзеўкай, ад якога «здарыліся» дзеткі, так што Марцін Мікалай, як чалавек сумленны, збіраўся з ёй ажаніцца і нават прасіў на тое дазвол у віленскага біскупа.

 

Доктар Іаган Фаўст (1480–1540),
нямецкі партрэт сярэдзіны XVII ст.


Загадкавыя перамены

Надышлі 1840-я гады, самы загадкавы перыяд гісторыі крайчага. Па ВКЛ папаўзлі чуткі, што заможны пан не проста захапіўся фізічнымі і хімічнымі эксперыментамі. Апантаны зоркай алхіміі, ён спрабаваў здабыць філасофскі камень. І нават больш за тое: заглыблены ў роздумы і пошукі, ён з хрысціянства навярнуўся на старажытнаегіпецкі «метапсіхоз» — увераваў у перасяленне душаў і шматстадыйнасць жыццяў і ўвасабленняў. Нарэшце, ахоплены надчалавечым гонарам, ён вырашыў абраць сабе новую рэлігію са шматлікіх існых. Выбар паў на іудаізм.

Вынікам зрабілася выгнанне з двара хрысціян. Князь абкружыў сябе габрэямі на чале з некім Шыманам, вучыў асновы рэлігіі і ідыш. Лад жыцця князь вёў кашэрны, шанаваў шабаты, на якіх, частуючы свой новы двор шчупакамі з локшынай і кугелем (бульбай з курацінай на габрэйскі густ), сядзеў у лапсардаку з ордэнам св. Губерта на шыі.

Здабыванне філасофскага каменю патрабавала кансультацый калег. Аднойчы, запрасіўшы да сябе доктара Брэскага з Любліна на тыдзень, князь затрымаў яго гвалтам на паўгода. Небараку выратаваў візіт мемуарыста шляхціца Матушэвіча. Але Мікалай Марцін выслаў за доктарам пагоню ў 100 вершнікаў, якія нагналі яго ў Берасці і прымусілі хавацца ў езуіцкім калегіўме. З-пад аблогі люблінскі вучоны збег, пераапрануўшыся езуітам у суправаджэнні сапраўднага законніка.

Дзівацтвы князя не абмежаваліся навукай і выбарам веры. Незадаволеныя гаспадаром рабіліся прадметам яго шалёных нападаў, зброяй якіх быў адзін з княжацкіх дворных «кліентаў» шляхціц Грабоўскі. Той ладзіў падпалы майна непрыяцеляў, рабаўніцтвы на дарогах, нават забойствы. У карчме быў зарэзаны брэсцкі падсудак Збароўскі, забіты шляхціц Кукоўскі з жонкай. Нарэшце, у 1748 годзе сам князь загадаў арыштаваць свайго клецкага плябана Сузіна і па абвінавачанні ў распусце даставіць скутага на суд віленскага біскупа Зянковіча. У апошняга хапіла разважлівасці адразу вызваліць палоннага.

Фрагмент праекта палаца
ў Чарнаўчыцах, XVII ст. 


Пад прысудам грамадства

У шляхты скончылася трыванне. Грабоўскага, ужо завочна асуджанага на «кару горлам», схапілі, калі ён спрабаваў пагражаць брэсцкаму гараднічаму, і пакаралі смерцю ў Пётркаве. А пратэстацыю шляхты на князя з брэсцкага сойміка павезлі каралю Аўгусту ІІІ брат клецкага плябана аршанскі падстолі Сузін і земскі пісар Бухавецкі. Казалі, каралева Марыя Юзэфа, пачуўшы пра справу, абяцала пакрыўджаным сваю пратэкцыю. Запахла скандалам. І хаця краіна жыла (паводле Энгельса), шляхецкім беспарадкам, намеціўся трыумф права.

Сітуацыю абцяжарвала яшчэ адно дзівацтва Марціна Мікалая. Замкнуўшы пад замок сваю жонку з дзецьмі, у апошнія некалькі гадоў ён абкружыў сябе сапраўдным гарэмам. Наложніц кралі, куплялі ў бедных мацярок, некаторых пастаўлялі інфармаваныя дабразычліўцы. Усплыла скандальная гісторыя давыдгарадоцкага плябана, які за 200 дукатаў накіраваў мясцовую прыгажуню Марціну Мікалаю. Гарэм жыў нябедна: жанчыны насілі шыкоўныя сукенкі, атрымлівалі ад князя клейноты з каштоўнымі камянямі.

Адным словам, у высакароднай сям’і запахла скандалам. Зводная цётка Марціна Мікалая, знакамітая заснавальніца шматлікіх радзівілаўскіх мануфактур (дарэчы, і фарфурняў, а фарфор, як вядома, таксама вынаходніцтва аднаго еўрапейскага алхіміка), Ганна з Сангушкаў, пісала свайму сыну Гераніму Фларыяну: «Досыць пан Бог укараў наш дом непапраўнай плямай, крайчым Радзівілам, які цалкам Бога пакінуўшы і забыўшыся на Яго, з курвамі жывучы, жонку сваю адрынуў, адно стаўшы насмешкаю перад цэлым светам Рэчы Паспалітай» (ліст з Белай, пісаны 5 мая 1735 года).

Геранім Фларыян Радзівіл (1715–1760) на
партрэце Якуба Вессэля, каля 1746



Зняволенне

Каб замяць справу, аматар муз вялікі гетман Міхал Казімір «Рыбанька», вядомы сваёй жорсткасцю, кадэцкімі карпусамі ў Белай і тэатрам у Слуцку, харунжы Геранім Фларыян (антыгерой «Маці ўрагану» У. Караткевіча, ад якога ў рэальным жыцці збеглі 3 жонкі) і наваградскі ваявода з «дзятлаўскай лініі» Юры Радзівіл звярнуліся да караля аддаць ім Марціна Мікалая «пад куратарства». І свайго дабіліся.

Дзеля заключэння вар’ята пад варту Гераніму Фларыяну давялося штурмаваць Чарнаўчыцы з 200 вершнікамі. Габрэяў разагналі, прастытутак, адабраўшы каштоўнасці, адправілі па хатах. Распараджэнне дабротамі перайшло Гераніму Фларыяну (да смерці яго ў 1760 годзе), затым «Рыбаньку», а затым сынам зняволенага. Жонцы і сынам прызначылі невялікую рэнту. А турмой Марціну Мікалаю зрабіўся спачатку Бельскі, а затым Слуцкі замак.

Нявольнік не адышоў ад іудаізму, а над сваімі наглядчыкамі, здаецца, здзекаваўся. У час рэдкага адведвання Геранімам Фларыянам былы прыхільнік «метапсыхозу» паведаміў, што ў папярэднім жыцці, паколькі мае доўгі нос, быў птушкай, куліком, а ў наступным будзе сланом. На пытанне пра свой будучы лёс Гераніму Фларыяну паабяцаў пераўтварэнне ў кабана — «на міласць здзейсненага ім срамнага бруду»…

Толькі «Рыбанька» пасля 1760 года трохі палепшыў харчаванне і ўмовы ўтрымання вязня, якому дазволілі прагулкі па валах Слуцкага замка пад вартай. На дзіва, жонка не забылася на мужа і хадайнічала пра яго вызваленне перад «Рыбанькам», а сам Мікалай Марцін звяртаўся ў гэтай справе да Станіслава Аўгуста ў 1765 годзе. Дарэмна.

Ішоў час, у 1752 годзе вязень адмовіўся ад тытула крайчага. У тым жа годзе слуцкія дакументы паведамляюць пра ўдзел аднаго з яго сыноў у палацавым спектаклі, у якім ён на нямецкай мове выступаў у ролі «гішпанскага князя».

Эпілог


Што зрабілася прычынай відавочнага вар’яцтва Мікалая Марціна, сказаць цяжка. Краіна шляхецкай вольнасці імкліва кацілася да заняпаду. Першы падзел Рэчы Паспалітай наш герой перажыў на 10 гадоў і памёр 18 сакавіка 1782 года ў Слуцку.

Занядбаны аднапавярховы чарнаўчыцкі палац у 1819 годзе наведваў Юльян Урсын Нямцэвіч, адзначыўшы вялікі памер пакояў, куды магла «заехаць шасціконная карэта», а таксама дасканалы парк за палацам і звярынец. Пры маёнтку захоўвалася вялікая калекцыя старасвецкіх вазкоў «часоў да Патопу».

З пяці сыноў і адной дачкі ад двух шлюбаў Марціна Мікалая толькі адзін, наймалодшы Якуб (1748–1808) цярпеў на псіхічнае расстройства. Старэйшы, Міхал Юзаф (1736–1813), быў навагрудскім ваяводам, старэйшы ад другога шлюбу Антоні (1741–1778) — святаром і віленскім канонікам.

А ўнук Марціна ад трэцяга сына Міхала Гераніма (1744–1831), віленскага ваяводы, Антоні Генрык (1775–1833), намеснік Вялікага княства Познанскага і нясвіжскі ардынат, увасобіў у культурнае жыццё фаўстаўскія матывы лёсу свайго дзеда. Менавіта ён праславіўся як музыка і кампазітар, сябра Гётэ, які стварыў першую і адзіную прызнаную нямецкім паэтам вартаснай оперную версію «Фаўста».

У Чарнаўчыцах у царкве захоўваўся выдатны, датаваны 1729 годам, уніяцкі абраз «Цуд св. Георгія аб змеі», які відавочна ўзнік у часы, калі малады Марцін Мікалай знаходзіўся яшчэ ў добрым розуме. Магчыма, князь бачыў гэты твор, уключаны ў 6-томнае акадэмічнае выданне «Гісторыі беларускага мастацтва».

Доктар Фаўст, паводле падання, загадкава загінуў ноччу ў гасціным двары ў Вюртэмберзе ў 1540 годзе. Людзі чулі тупат ног, гукі мэблі, якая валілася ў пакоі, а на раніцу знайшлі знявечанае цела Фаўста. Кажуць, Мефістофель, які заключыў з Фаўстам пагадненне на 24 гады, забраў яго душу.

А беларускі абраз, які бачыў Марцін Мікалай Радзівіл, згарэў на мяжы ХХ і ХХІ стагоддзяў. Як многае ў гэтай краіне, пайшоў з дымам. Так і ўяўляецца навальнічная ноч, маланка, якая запальвае храм. Няхай «Беларусьфільм» лічыць гэты артыкул сцэнарнай заяўкай на нацыянальны «фаўст-хорар». Фільм павінен пачынацца з раптоўнага і загадкавага візіту слана на прэм’еру «Фаўста» Антоні Радзівіла.

Аляксей Хадыка

Новы Час

 

Kalinka cottage
Yuri and Zoya Nelipovich
Brest region.
Brest district,
d.Chernavchitsy,
st. Fruktovaya, 8

 

Kalinka cottage:   +375 (33) 600-11-43 (Zoja)

Kalinka 2 cottage: +375 (33) 640-43-24 (Yurij)